У Вас в браузере отключен JavaScript. Пожалуйста включите JavaScript для комфортного просмотра сайтов.

Переключиться на мобильную версию.
Новости
Видеопродукция
Печатная продукция
Французский переплет
Наши книги
Презентация
Архив газет
О нас

16.10.2017 Сімволіка жыта ў традыцыйнай культуры беларусаў

Сімволіка жыта ў традыцыйнай культуры беларусаў

У культуры беларусаў жыта суадносіцца з жыццём, лічыцца раслінай, на якой трымаецца свет. Зёлкавую культуру надзялялі магічным значэннем, звязвалі з яе пасевам абраднасць. Аб традыцыйных рытуалах распавёў загадчык філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі Пятро Цалка.

Большасць аграрных культур засяваюць вясной, а жыта пражывае цэлы год. Зёлкавая культура знешне памірала, калі снег пакрываў зямлю. А вясной адраджалася зноў. У першы пасеў на поле бралі велікоднае яйка і кідалі яго ў лунку-баразну. Каталі асвячоным яйкам па зямлі на Вялікдзень. Гэта надавала збожжу звышнатуральныя магчымасці. Лічылася, што так колас нальецца ў большай меры.

Жыта абыходзілі па вясне ў Юр'еў дзень (23 красавіка (6 траўня)). На некаторай частцы Палескай вобласці было прынята ладзіць Юр'еўскі карагод. Абрад прадугледжваў хаджэнне людзей па крузе і сімвалічнае закапванне хлеба ў зямлю пад рытуальныя спевы. У гэтым праяўляўся прынцып традыцыйнай культуры славян — падобнае выклікае падобнае. Дарэчы, да наступлення Юр'ева дня зямля лічылася «цнатлівай», «дзявочай». У вёсцы Пагост ў сувязі з гэтым ёсць дадатковы абрад на Юр'я. Жанчыны і маладыя дзяўчаты ішлі на поле ў зялёным фартуху, а вярталіся ў чырвоным — знак і сімвал жаноцкасці і ўрадлівай зямлі.

Жыта старанна аберагалі ад ведзьмаў. Жанчыны-вядзьмаркі рабілі заломы на палях — пучкі скручаных, зламаных або звязаных вузлом каласоў. Варта было жнее зачапіць такі залом падчас жніва, як можна чакаць бяды і нават смерці. Лічылася, што залом забірае жыццё і энергію сям'і. Не дзіўна, што ўбачыўшы заломы на палях народ спяшаўся адшукаць знахара ці шаптуху, якія пазбавяць жыта ад непрыемнасці.

У фальклорных экспедыцыях відавочцы распавядаюць, што знахары ў некаторых вёсках былі настолькі моцныя, што прымушалі ведзьму есці зямлю.
У жыце жывуць і іншыя звышнатуральныя істоты — русалкі. Насуперак усім стэрэатыпам, з рукамі і нагамі, у вопратцы, і не ў марской вадзе, а сярод травы. Менавіта таму хадзіць у поле з жытам да Сёмухі людзі не любілі.
Шмат увагі надавалі збору ўраджаю. Беларусы жылі гэтым, таму важна было падысці да працэсу з усёй сакральнасцю. У першы дзень зажынак у поле адпраўлялі працавiтую, «чыстую» маральна і фізічна жанчыну — удаву. Яна апранала святочны ўбор і пачынала зрэзаць пучкі каласоў раней за іншых жанчын. Рабілася гэта для таго, каб любоў да працы перадалася і астатнім жнеям.

Час ад часу сярод жытняга поля з'яўляліся невялікія дарожкі. Людзі лічылі, што сама Багародзіца прыходзіла дапамагаць у зборы ўраджаю. У беларускім іканапісе нават ёсць вобраз Багародзіцы «Траеручніцы». Паводле народнай легенды, святая зжынала жыта менавіта трэцяй рукой. У работнікаў музея атрымалася запісаць і іншую гісторыю, распаўсюджаную на Веткаўшчыне. У ёй колас запаўняўся збожжам знізу даверху. Але жанчыны-жнеі скардзіліся на цяжкія снапы і пашкоджаныя рукі. Пачуў іх Бог, махнуў рукой і сказаў: «Хай будзе па-вашаму!» Схапіў Колас знізу, сціснуў у руцэ і пацягнуў. Не паспеў дацягнуць да верху, як з'явіліся каты і сабакі. Узмаліліся тады жывёлы: «Пакінь трохі хлеба для нас. Чалавек не вінаваты, натура ў яго такая: бясконца скардзіцца на лёс». Пашкадаваў Бог катоў і сабак, пакінуў невялікі хвосцік-колас. «На каціную ці сабачую долю пакінуў» — такая прымаўка захавалася ў народзе. І таму чалавек так і жыве сёння: як бы ні было цяжка, а хатнюю жывёліну пакарміць трэба абавязкова.

У канцы жніва ніколі не пакідалі разоры пустымі. Беларусы не зжыналі зёлкавую культуру да канца, а абавязкова пакідалі «бараду» — кавалак недажатага жыта, які выполвалі, перавязвалі чырвонай стужкай, садзілі або прывязвалі да снапу кветкі. Усё гэта суправаджалася абрадавымі песнямі на сацыяльна-бытавыя або любоўныя тэмы, вобразныя мелодыі, у якіх сустракаюцца вобразы мядзведзя, які дапамагае жаць жыта. А сама «барада» ўспрымалася як ідэальны жытні куст, што застаўся для бога; добры задатак на наступны год.

 

Настасся КАНАВАЛЕНКА

Фота Анастасія КАНЦАВЕНКА

При копировании материалов ссылка на сайт обязательна.
Просмотров: 4788

Комментарии