Беларускі progressive rock гурт Re1ikt рыхтуецца да выхаду новага альбома і прэзентуе відэакліп на загалоўную кампазіцыю дыска.
«Рэкі прабілі лёд» — так называюцца будучы рэліз і відэа, знятае гомельскім VJ Medwedsky. Музыкі прысвячаюць новую працу ўсім тым, хто змагаецца і нягледзячы ні на што пераадольвае цяжкасці.
Кліп здымаўся ў Гомелі, бо менавіта ў рок-сталіцы Беларусі прайшла значная частка творчага шляху гурта Re1ikt. Там жа музыкi запісалі трэці альбом, які выходзіць на Вігма пры падтрымцы BMA.
Гомельскія музыкі і іншыя дзеячы андэграўнду з вялікім цяплом і павагай ставяцца да калег, таму ласкава пагадзіліся ўдзельнічаць у здымках кліпа «Рэкі прабілі лёд». Яны папераменна выконваюць новую песню, як бы даючы паняць, што выбар ёсць у кожнага. І кожны можа нешта зрабіць у гэтым жыцці, галоўнае - захацець.
На мінулым тыдні музыкі выклалі ў Сеціва ролік, які адлюстроўвае здымачны працэс. За гэты час яго прагледзелі больш за 1 000 разоў!
— Я вельмі рады, што кліп і кампазіцыя выклікалi такую цікавасць у слухачоў. Таму што наш новы альбом будзе вельмі прыгожым і мастацкім. Пры стандартным для рок-музыкі наборы інструментаў мы шмат эксперыментавалі, выкарыстоўвалі розныя эфекты і атрымалі на выхадзе незвычайную музыку, — адзначыў Аляксандр Дземідзенка.
Паслухаць, якім атрымаўся новы дыск Re1ikt, можна будзе 30 кастрычніка ў рамках канцэртнай прэзентацыі альбома "Рэкі прабілі лёд» у мінскім клубе Re: Рublic. У канцэрце прымуць удзел беларускія гурты «Рокаш» і Partyzone, чые альбомы таксама выйшлі ў гэтым годзе, і Unia.